ПАЛАВЫ́ ЦЫКЛ,

морфафізіялагічныя працэсы ў палаваспелых самак вышэйшых шматклетачных жывёл і чалавека, якія перыядычна паўтараюцца і звязаны з размнажэннем. Поліцыклічныя жывёлы размнажаюцца на працягу ўсяго года (П.ц. паўтараецца шматразова і бесперапынна). Монацыклічныя жывёлы (насяляюць пераважна ўмераныя і сярэднія шыроты) маюць адзін П.ц. у адзіны рэпрадуктыўны перыяд года. Найб. просты П.ц. (у большасці беспазваночных, рыб, земнаводных і паўзуноў) мае фалікулярную стадыю, на працягу якой адбываецца рост яец, іх выспяванне і вывядзенне ў навакольнае асяроддзе (нераставанне ў рыб і земнаводных, адкладанне яец у паўзуноў). У птушак П.ц. мае 3 стадыі: фалікулярную, стадыю наседжвання знесеных яец і стадыю выкормлівання птушанят. Поўны П.ц. уласцівы плацэнтарным млекакормячым і мае 4 стадыі, у большасці млекакормячых наз. эстральным (цечка), у прыматаў і чалавека — менструальным цыклам. У ганадах самцоў жывёл, што размнажаюцца сезонна, з наступленнем шлюбнага перыяду пачынаецца рост і выспяванне семявых клетак, які завяршаецца адначасова з наступленнем цечкі ў самак. У поліцыклічных жывёл самцы маюць пастаянную патэнцыю, якая рэалізуецца ў залежнасці ад гатоўнасці самкі да спарвання. П.ц. рэгулюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)